29 верасня адбылася прэзентацыя кнігі Георгія Ліхтаровіча “Ліхтарыкі”. Фотарэпартаж

Георгій Ліхтаровіч – беларускі фотамастак, літаратар. З 2000 года з’яўляецца членам Беларускага саюза дызайнераў, з 2004 уваходзіць у Раду Беларускага грамадскага аб’яднання «Фотамастацтва», з 2006 – у Беларускім саюзе пісьменнікаў.

Працоўны і творчы лёс Георгія Ліхтаровіча звязаны з фатаграфіяй. Ён працаваў над выданнямі, якія ярка і незабыўна прэзентуюць шэдэўры беларускага мастацтва розных эпох: “Драўлянае дойлідства Палесся”, “Беларуская кафля”, “Веткаўскі музей”, “Жывапіс Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагоддзяў”, “Пластыка Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагоддзяў”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагоддзяў”, “Іканапіс Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагоддзяў”, “Пляценне з саломкі”, “Повязь часоў – беларускі ручнік”, “Слуцкія поясы”.

Адметным для Георгія Ліхтаровіча стаў 2000 год, калі фатограф дадаў да фатаграфій свае вершы, якія атрымалі станоўчую ацэнку Рыгора Барадуліна. Фотаальбом “Добры дзень, Беларусь” быў прызнаны “Лепшай кнігай года” на беларускім конкурсе “Мастацтва кнігі”.

У 2001–2006 гадах Георгій Ліхтаровіч браў удзел у выставах, пленэрах памяці Язэпа Драздовіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і працягваў пісаць вершы. У 2002 выдаў кнігу паэзіі “Агульны сшытак”, пазней удзельнічаў у выданні дыска беларускіх песень Галіны і Барыса Вайханскіх “Вяртанне”. А ў 2008 годзе ў выдавецтве “Эксмо” (Масква) пабачыў свет дэтэктыўны раман “Газ”.

У 2005 годзе выйшла першая кніжка вершаў пад назвай, сугучнай прозвішчу аўтара – “Ліхтарыкі”. На яе старонках Георгій Ліхтаровіч выказвае думкі і назіранні, асабістае стаўленне да падзей у форме чатырохрадкоўяў. Захапленне фатографа-паэта гэтай сціслай формай бадай невыпадковае – кожны “ліхтарык” нібы кадр фотастужкі.

Усіх аматараў паэзіі і гумару Георгій Ліхтаровіч запрашае на сустрэчу-прэзентацыю новай кніжкі “Ліхтарыкаў”, якую аздобіў малюнкамі Сяргей Стэльмашонак. Зборнік, прасякнуты тонкім пачуццём гумару, самаіроніяй, пераканаўча даказвае, што сапраўдная паэзія можа быць афарыстычнай, дасканалай па форме і глыбокай па думцы.