Категория: Без рубрики

Канцэрт “Да чыстай крыніцы” Народнага калектыва аўтарскай песні “Элегія”

3 чэрвеня а 18 гадзіне ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбыўся канцэрт “Да чыстай крыніцы” Народнага калектыва аўтарскай песні “Элегія”

У літаратурна-музычнай праграме “Да чыстай крыніцы” у выкананні калектыва прагучалі песні на ўласныя тэксты і музыку, вершы беларускіх паэтаў,  інструментальная музыка, літаратурна-музычныя кампазіцыі ў выкананні Таццяны Захарыч, артыста Беларускага радыё Алега Вінярскага.

Выстава «Яго жыццё гэта вера» ў Аршанскім музеі У.С. Караткевіча

З 1 па 30 красавіка 2021 года ў Аршанскім музеі У.С. Караткевіча – філіяле Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны будзе праходзіць выстаўка “Яго жыццё гэта вера” з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы (Мінск).

Янка Купала і Уладзімір Караткевіч – тыя пісьменнікі, каго беларусы часцей за іншых называюць любімымі аўтарамі. На стварэнне выстаўкі натхніў аўтограф нарыса Караткевіча “Вязынка”, які жыва адлюстроўвае яго ўражанні ад паездкі на радзіму Песняра ў 1952 годзе. Нарыс быў напісаны адразу па вяртанні ў Оршу і дасланы тагачаснаму дырэктару музея Уладзіславе Францаўне Луцэвіч, якая апублікавала твор у зборніку “Янка Купала. Зборнік матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта”. Праз тры гады, напярэдадні  свайго 25-годдзя, 25 лістапада 1955 года, Уладзімір Караткевіч напіша ёй ліст-падзяку са словамі: “Вы цяпер для мяне накшталт маёй хроснай маці: першы мой выступ у вялікай прэсе быў зроблены дзякуючы Вам…”

У нарысе Уладзімір Караткевіч кажа пра Янку Купалу: “…усё яго жыццё – гэта вера. Запамятайце, гэты чалавек верыў у народ, у тое, што яму суджана шчасце…” Уладзімір Караткевіч зачытваўся творамі Купалы і прызнаваўся, што “не ўяўляе жыцця без яго”. Янка Купала бываў на Аршаншчыне – радзіме Караткевіча. Тут ён напісаў знакаміты верш “Спадчына” (1918), а ў 1930-я гады часта прыязджаў на сваю дачу, побудаваную ў Ляўках на беразе Дняпра. У дзяцінстве Уладзімір Караткевіч пабачыў Янку Купалу, калі на свяце ў Оршы брат паказаў яму вялікага паэта. Гэтая сустрэча вельмі ўразіла Караткевіча: “…я здзівіўся: мне здавалася, што ён павінен быць нават фізічна дужэйшы, на дзве галавы вышэйшы за ўсіх іншых людзей”. Так, настаўнік і вучань, не знаёмыя адзін з адным, сталі землякамі – але адзін па нараджэнні, а другі – духоўна, палюбіўшы аршанскую зямлю і дняпроўскія берагі ўсім сэрцам. Выстаўка “Яго жыццё гэта вера” адлюстроўвае сувязь жыцця і творчасці Янкі Купалы і Уладзіміра Караткевіча і падзеленая на два тэматычныя блокі: “сустрэча” ў Вязынцы і “сустрэча” на Аршаншчыне. У экспазіцыі, акрамя рукапіса Караткевіча “Вязынка”, будуць прадстаўлены фотаздымкі Янкі Купалы на Аршаншчыне, Уладзіміра Караткевіча ў Вязынцы, дачы Янкі Купалы ў Ляўках, прыжыццёвыя выданні кніг Янкі Купалы, з якіх Караткевіч распачаў знаёмства з паэтам, сувенірны падсвечнік, які належыў Караткевічу. Дапоўняць выстаўку лісты Караткевіча Уладзіславе Луцэвіч, графічныя работы Эдуарда Агуновіча па матывах творчасці Янкі Купалы і партрэт паэта, выкананы мастаком Рыгорам Сітніцам.

Наручны гадзіннік «Янка Купала»

Сярод экспанатаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы знаходзіцца ўнікальны прадмет — наручны гадзіннік, які паэт набыў у 1930-ыя гады і насіў да канца жыцця. Менавіта гэты гадзіннік стаў крыніцай натхнення для Мінскага гадзіннікавага завода «Луч» пры стварэнні новай, унікальнай лімітаванай калекцыі «Мова».

5 прычын набыць гадзіннік з серыі «Янка Купала»:

  • Раменьчык з натуральнай скуры аздоблены нацыянальным арнаментам
  • На адваротным баку цыферблата змешчаны радок з верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?»
  • Гадзіннік падыдзе як мужчынам, так і жанчынам
  • Вы можаце стаць 1 з 200 уладальнікаў унікальнага гадзінніка
  • Ну, і амаль што такі наручны гадзіннік быў у Янкі Купалы. Чаму б не адчуць сябе паэтам

Старт продажу ў інтэрнэт-краме – 16 лютага
Старт продажу ў магазінах розніцы – 21 лютага, акурат у Дзень роднай мовы

Замовіць гадзіннік можна па спасылцы https://luch.by/kollektsii/yanka-kupala/

Віртуальная выстава рукапісаў Янкі Купалы «З асенніх матываў. Кастрычнік»

У зорны для творчага лёсу 1913 год Янка Купала цягніком вандруе паміж Вільняй, Менскам і Пецярбургам. Пад уражаннем шматлікіх катастроф для рубрыкі “У мутным віры” ў “Нашай Ніве” паэт стварае верш “Расійскія чыгункі”.

Льву Гумілеўскаму — 90!

Калектыў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы сардэчна віншуе сябра музея, выдатнага скульптара, народнага мастака Беларусі Льва Мікалаевіча Гумілеўскага з 90‑годдзем!

Плён Ваша таленту ацэнены прафесіяналамі, аб чым сведчаць высокае званне народнага мастака, Дзяржаўная прэмія БССР і прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, сярэбраны медаль імя М Грэкава і медаль Ф. Скарыны. Ён прызнаны і жыхарамі і гасцямі тых гарадоў, якія ўжо нельга ўявіць без створаных Вамі помнікаў выдатным людзям зямлі беларускай. Прызнаны тымі, каму пашчасціла трапіць на выстаўкі Вашых работ. Ваш дар удыхнуў жыццё ў халодную бронзу. У Вашых работах ажываюць постаці Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Францішка Багушэвіча, Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Францыска Скарыны, Яўгеніі Янішчыц, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка – мастацкі летапіс айчыннай гісторыі і культуры ад вытокаў да нашых дзён.

Шчыра жадаем Вам шчасця, здароўя, энергіі і творчага натхнення!

Спачуванні

Калектыў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы смуткуе з прычыны смерці вядомага беларускага мастака Уладзіміра Самойлавіча Басалыгі і выказвае глыбокае спачуванне яго сям’і, родным і блізкім.

Творчасць Уладзіміра Самойлавіча, яго мастацкі талент вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Мы ганарымся тым, што ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы захоўваюцца і экспануюцца серыі графічных твораў пад агульнай назвай “Радзіма мая дарагая”, “Мова наша родная”, а таксама выдатныя ілюстрацыі да кнігі Янкі Купалы “Алеся. Хлопчык і лётчык”.

На мастацкай спадчыне Уладзіміра Самойлавіча і надалей будзе выхоўвацца не адно пакаленне беларусаў. Памяць аб ім захаваецца ў нашых сэрцах назаўсёды.