Ноч музеяў — 2021

22 мая 2021 года Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на НОЧ МУЗЕЯЎ “МАС-КУ!”

Гэтае слова ўпэўнена ўвайшло ў штодзённае жыццё, а яшчэ ўвабрала ў сябе ідэю нашай Ночы – МАСтацтва і КУпала альбо Янка Купала ў мастацтве.

Свята доўгачаканае, бо Купалаў дом сумаваў без цёплых поглядаў і шчырых усмешак і будзе рады ўсім гасцям з 19 гадзін вечара і да 5 раніцы!!!

Прыходзьце і абавязкова:

  • вазьміце ўдзел у стварэнні самай вялікай папараць-кветкі на шчасце ўсім беларусам!
  • зазірніце ў майстэрню скульптара і адчуйце яе творчую атмасферу!
  • станьце суаўтарам арт-аб’екта, які знойдзе эмацыйны водгук у гледачоў!
  • зрабіце фотаздымак у знакамітым Віленскім фотаатэлье!
  • завітайце на літаратурны Парнас і праверце свае паэтычныя здольнасці!
  • наведайце майстар-клас з нацыянальным каларытам “Падзі спаць”!
  • пазнаёмцеся з “космасам” Язэпа Драздовіча!
  • станьце ўдзельнікам незвычайнага шахматнага турніру!
  • намалюйце дом сваёй мары!
  • і нарэшце, павітайцеся з гасціннымі гаспадарамі дома паэта!

Калі пасля насычанай праграмы да вас прыйдзе бяссонне, заставайцеся разам з намі, бо апоўначы пачнецца квэст “МАСтацтва і КУпала”, які падорыць радасць адкрыццяў і творчы ўздым! Не абыйдзецца і без памятных сувеніраў.

Для тых, хто адчуе стому, у адной з утульных залаў музея пачнецца прагляд спектакляў “Паўлінка” і “Адвечная песня” па аднаіменных творах бясконца таленавітага Янкі Купалы.

Толькі адзін раз на год, толькі адна ноч, толькі 5 рублёў, толькі наяўны разлік!)

Просім мець МАС-КУ кожнага, хто завітае на свята, а першыя 50 чалавек атрымаюць яе ў якасці падарунка ад партнёраў праекта кампаніі Mark Formelle!

8 017 395 57 66

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *