Выстаўка «Плыве у свет рака Бяроза…»

14 верасня 2021 у Барысаўскім аб’яднаным музеі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Барысаў – культурная сталіца Беларусі 2021 года” адбылося адкрыццё выстаўкі з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Плыве у свет рака Бяроза…”.

З Барысавам і Барысаўшчынай звязана творчая і грамадская дзейнасць Янкі Купалы, варункі яго асабістага жыцця. Яшчэ ў 1920‑я гады імя паэта было нададзена школе № 1 г. Барысава, а ў школьнай бібліятэцы знаходзіліся тамы Збору твораў, на адным з якіх быў дароўны надпіс аўтара “На памятку І школе горада Барысава. Янка Купала”. Паэт бываў тут у творчых камандзіроўках, наведваў сям’ю сваёй сястры Марыі Аўлачынскай, якая жыла на Барысаўшчыне ў 1930‑я гг. Вандроўкі і сустрэчы з людзьмі натхнялі яго на стварэнне вершаў, а самому гораду была прысвечана паэма “Барысаў”.

Плыве у свет рака Бяроза,

Плыве сягоння, як і ўчора,

То паміж ніцых вербалозаў,

То між адвечных пушчаў-бораў.

……………………………………

Паўстаў Барысаў у сотні гоняў,

Стаіць над рэчкай і сніць думы:

Якім ён быў, якія сёння

Яму пяюць Бярозы шумы.

Янка Купала “Барысаў”

У апошні раз пісьменнік пабываў на Барысаўшчыне у 1941, напярэдадні ад’езду ў Латвію на з’езд пісьменнікаў, які адбыўся ў Рызе 14–15 чэрвеня.

У час Вялікай Айчыннай вайны паэт зноў згадаў “раку Бярозу”. У яго артыкулах “Партизанский удар” і “О народной войне” разгром напалеонаўскіх войскаў падчас пераправы цераз Бярэзіну стаў правобразам будучага разгрому нямецка-фашысцкіх войскаў.

Выстаўка згадвае асноўныя вехі жыццёвага і творчага шляху Янкі Купалы – песняра і прарока Беларусі. Наведвальнікі змогуць убачыць арыгіналы яго першых зборнікаў “Жалейка”, “Гусляр” і “Шляхам жыцця”, тамы першага прыжыццёвага Збору твораў, зборнікі “Песня будаўніцтву” і “Беларусі ардэнаноснай”, на старонках якіх паэт змясціў творы, натхнёныя знаёмствам з Барысаўшчынай і яе людзьмі.

Наведаць выстаўку можна да 26 верасня 2021 года.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *