Выстава скульптуры Льва і Сяргея Гумілеўскіх

18 мая 2021 года, у Міжнародны дзень музеяў, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае а 17‑й гадзіне на вернісаж выстаўкі скульптуры Льва і Сяргея Гумілеўскіх “Ад прадзедаў спакон вякоў”.

“Колькі сябе памятаю, мастацтва мяне вабіла заўжды. Сёння мне падаецца, што нікім іншым, акрамя як скульптарам, я б не мог стаць. Да таго ж вельмі пашчасціла на настаўнікаў”, – казаў у адным з інтэрв’ю Леў Гумілеўскі.

Майстар атрымаў мастацкую адукацыю ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1955) і Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1961). Яго настаўнікамі былі мэтры Аляксей Глебаў і Андрэй Бембель. А пачатак яго творчага шляху быў пазначаны работай у суаўтарстве з Анатолем Анікейчыкам і Андрэем Заспіцкім над стварэннем помніка Янку Купалу, адкрытым у Купалаўскім парку Мінска ў 1972. Яго сын Сяргей стаў прадаўжальнікам сямейнай дынастыі скульптараў, як і бацька, скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1987), пераймаючы майстэрства ў Генадзя Мурамцава, Анатоля Анікейчыка, Анатоля Арцімовіча. З 1990‑х бацька і сын працуюць у творчым тандэме. Адзін з самых вядомых твораў сямейнага дуэта – помнік Янку Купалу ў Маскве (2007).

Працуючы ў галіне станкавай і манументальнай скульптуры, мастакі стварылі выдатныя работы, якія сталі сапраўдным скульптурным летапісам гісторыі і культуры Беларусі. І значнае месца ў ім займае постаць Янкі Купалы.

На выстаўцы будуць прадстаўлены больш за 3 дзясяткі работ, створаных мастакамі, якіх натхніла паэтычная спадчына Янкі Купалы, яго сяброў і сучаснікаў, папярэднікаў і нашчадкаў.

Дзевяць работ экспануюцца ўпершыню. Скульптурныя партрэты ўзнаўляюць постаці Янкі Купалы і Якуба Коласа, Адама Міцкевіча і Ніла Гілевіча. Кранальная работа “Апошняе развітанне з Янкам” дазваляе адчуць і падзяліць боль страты, якую перажыла Уладзіслава Луцэвіч. Скульптуры “Цешыцца Явар з Калінаю” і “Мадонна” пераносяць у чароўны свет паэзіі.

Выстаўка працуе да 16 чэрвеня 2021 года.

Сардэчна запрашаем!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *