Выставачны праект “У агні вайны. Гісторыі старой таполі” 22 чэрвеня 2021

22 чэрвеня 2021 у 16.30
у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта

У агні вайны. Гісторыі старой таполі”.

Сёлета спаўняецца 80 гадоў ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Перамозе, хоць і праз вялікія пакуты, прысвячаў сваю паэзію і публіцыстыку Янка Купала, у тым ліку свой незабыўны верш “Беларускім партызанам”, дзе ёсць такія радкі:

Няхай ваша перамога
Не кідае вас нідзе,
Не пужае хай трывога,—
Ваша чыстая дарога
Да свабоды давядзе.

Паэт заўсёды верыў, што беларусы ўбачаць мірнае неба над галавой. Творца прамаўляў такія словы: “Я кожны дзень думаю, як мы будзем ісці па Беларусі. Я часта ў сне бачу вуліцы ў вёсках, дамы ў спаленых гарадах. Мы будзем будаваць дамы, як у казцы. Горад — у дзень. Калі б я не быў паэтам і старым чалавекам, я хацеў бы быць каменшчыкам пасля вайны”. Але, на жаль, не убачыў вызваленую ад захопнікаў Беларусь, ён загінуў летам 1942 года.

Не дачакаўся мірнага часу і Купалаў дом ля Свіслачы. Першыя, чэрвеньскія, бамбардзіроўкі Мінска прыпалі менавіта на раён, дзе жыў паэт. Тую Купалаву мясціну часта называлі домам пад таполяй. Пра дрэва на падворку (“вялізнае, галіністае, яно замяняла паэту альтанку”) ўзгадвалі многія наведвальнікі гасціннай Купалавай хаты. Таполя ўсё ж выжыла ў вайну, хоць і засталася з аднаго боку абпаленай… Пасля на яе месцы ўзнікне новае дрэва, якое назавуць “дачкой Купалавай таполі”.

На выставе мы дазнаемся пра жыццё і разбурэнне раёна, які цяпер займае парк Янкі Купалы. Упершыню будуць прадстаўлены знаходкі з даваеннага часу, адшуканыя паблізу Музея паэта: пячная кафля, посуд, бутэлечкі з-пад парфумы… Нямыя сведкі мірнага даваеннага жыцця.

Пасля ўрачыстага адкрыцця выставы а 17 гадзіне пачнецца тэатралізаваны канцэрт «Я не забуду…» – спецыяльны праект Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У праграме: песні, рамансы, арыі і  інструментальныя кампазіцыі, прысвечаныя героям Вялікай Айчыннай вайны.

Наведаць выставу можна да 24 ліпеня 2021 года.

8 (017) 337 99 54

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *