Выставачны праект “Я буду маліцца і сэрцам і думамі”

29 ліпеня 2021 а 18-й гадзінеу Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта “Я буду маліцца і сэрцам і думамі”, прысвечанага рэлігійным матывам у творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Выстава знаёміць з творамі класікаў, у якіх спрадвечныя біблейскія гісторыі пераасэнсаваны ў рэаліях жыцця роднай беларускай зямлі. Наведвальнік убачыць аўтографы Купалавых вершаў “На біблейныя матывы”, “Усяночная”, “Хрыстос Васкрос”, “Памаліся”. “Крыжы”, “Вячэрняя малітва”, “Прарок”. Асаблівую вядомасць здабыў верш “Мая малітва”:

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,

Распетаю буду маліцца душой,

Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі

Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

У творчасці сябра Янкі Купалы Якуба Коласа Боская мудрасць адкрываецца ў гармоніі навакольнага свету. У паэме “Новая зямля”, якая апісвае жыццё працавітай сям’і, паказана як хрысціянская традыцыя ўваходзіла ў паўсядзённы побыт чалавека. Прыгожа і з замілаваннем напісаны раздзелы “Раніца ў нядзельку”, “Вялікдзень”. Іншая паэма Коласа “Сымон-музыка” у 1920-30-я гады, як сцвярджаў сам аўтар, зазнала суровую крытыку з-за ўжывання словаў “Бог”, “Божы”, што адбілася на яе вымушаным рэдагаванні. На выставе будзе прадстаўлена выданне паэмы без цэнзурных правак, ажыцёўленае пры чынным удзеле сына пісьменніка Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча у 2018 годзе.

Наведвальнікі змогуць убачыць рукапісны пераклад Святога Евангелля на беларускую мову, які зрабіў малодшы брат Якуба Коласа Міхась Міхайлавіч Міцкевіч.

Мастацкія працы Барыса Герлавана, Міхаіла Басалыгі, Васіля Шаранговіча, Георгія Паплаўскага, Алены Лось, Сяргея Давідовіча прадставяць творчасць і асобы нацыянальных класікаў, выяўленыя сродкамі графікі і жывапісу. На выставе будуць дэманстравацца старыя беларускія народныя абразы – сведкі 20-га стагоддзя.

Праект створаны сумесна з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа. Будуць экспанавацца таксама рарытэты з прыватных калекцый, у тым ліку, асабліва каштоўныя памяткі з сямейнага архіву нашчадкаў Якуба Коласа.

Наведаць выставу можна да 28 жніўня 2021 года.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *