Як у садзе кветка — выстава твораў Барыса і Аксаны Аракчэевых

З 19 красавіка па 8 мая ў Дзяржаўным літаратурны музеі Янкі Купалы працуе выстава мастацкіх збораў дынастыі Аракчэевых “Як у садзе кветка”.

Сёлета адзначаецца 95 год з дня нараджэння выдатнага мастака Барыса Аракчэева. Стала ўжо добрай традыцыяй штогод у памяць творцы ладзіць выстаўку ў Купалавым доме. Вернісаж прысвечаны музе мастака – жонцы Галіне Ягораўне Аракчэевай. Будуць прадстаўлены натхнёныя каханнем жывапісныя творы Барыса Аракчэева розных гадоў – квітнеючыя сады, нацюрморты з бэзам, лілеямі і іншымі кветкамі. Большасць твораў экспануецца ўпершыню.

Калі Янка Купала да сваёй нявесты, Уладзіславы Станкевічанкі, звяртаўся «Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея», то Барысу Аракчэеву ягоная выбранніца прымроілася ў вобразе русалкі. І таму невыпадкова тая ж лілея часта сустракаецца ў творчасці жывапісца. На залатое вяселле ў 2006 годзе, калі сямейная пара была на лецішчы ў вёсцы Мар’іна, мастак зрабіў рамантычны падарунак сваёй Галі – напісаў букет лілей.

Але ўсё ж галоўны сімвал кахання Барыса і Галіны Аракчэевых – бэз. Аднойчы мастак падарыў каханай гэтыя кветкі у кітайскай вазе, якая стала не толькі аб’ектам большасці нацюрмортаў, але і сімвалам сямейнага шчасця і вечнай любові. Ад гэтага кахання нарадзіліся тры кветачкі-дачушкі, а бэз назаўсёды ўвайшоў у творчасць мастака. «Калі я не пісаў увесну бэз, дык быццам і не было года…», – прамаўляў творца. На выставе можна ўбачыць вазы, у якіх маляваліся кветкі, а таксама асабістыя рэчы закаханай пары.Упершыню дэманструецца эскіз і карціна «Ночка купальная», якія па завяршэнні праекта будуць перададзены ў дар музею.

Малодшая дачка Аксана Аракчэева традыцыйна ладзіць штогадовую творчую справаздачу для таты, свайго першага настаўніка, з якім яны працавалі ў майстэрні разам больш за 20 гадоў. На выставе будуць прадстаўлены яе нацюрморты і партрэты.

Уваходны білет на выставу:
Дарослыя — 3.00 руб.
Студэнты — 2.25 руб
Школьнікі — 1.50 руб

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *