У склад мемарыяльнага комплексу ўваходзяць дача Купалы, будынак былой канторы Копыскага лясніцтва, домік шафёра, гасцініца, гаспадарчыя пабудовы, гараж, у якім экспануецца машына пісьменніка “Шэўрале”, падараваная яму ўрадам БССР у 1939 г., помнік “Восень паэта” (скульптар А. Анікейчык), участак лесу, зона масавых гулянняў.
Сучаснае мультымедыйнае абсталяванне экспазіцыі дае магчымасць глыбей адчуць атмасферу часу і прысутнасць паэта. Кожная музейная зала мае свой голас: песні на словы Купалы, аўдыёзапіс яго голасу, птушыныя спевы. А мультымедыйнае акно, што знаходзіцца ў стылізаваным пакоі лясніцтва 1930-х, дазваляе кінуць позірк на ляўкоўскае бытаванне песняра.
Экспазіцыя складаецца з дзвюх частак:
- Мемарыяльная зона: рэканструяваная дача Янкі Купалы. У полымі вайны дача паэта згарэла.
- Літаратурна-дакументальная частка размешчана ў будынку былой канторы Копыскага лясніцтва, што ацалеў падчас апошняй вайны. Скразной тэмай яе стала ўвасабленне вобраза “Госці”, разгорнутага ў аднайменным вершы ляўкоўскага цыкла.
Важныя даты
04.08.1945 г.
Філіял “Ляўкі” заснаваны паводле пастановы ЦК КП(б)Б і СНК БССР №1139-292 “Аб увекавечанні памяці Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”.
1962 г.
Да 80-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы тут была ўсталявана мемарыяльная дошка. У 1962-1977 гг. філіял працаваў на грамадскіх пачатках.
1977 г.
Экспазіцыя мадэрнізавана і значна пашырана.
11.10.1978 г.
Створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Ляўкі”.
1981-1982 г.
Дачны дом пісьменніка быў адноўлены па праекту Я. Раманоўскага і Ф. Анісовіча.
2015 г.
У Ляўках створана новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя.